Беларускі інстытут навукі і мастацтва – грамадcкая навукова-культурная арганізацыя беларускай эміграцыі ў ЗША. Інстытут заснаваны ў 1951 г., у 1953 зарэгістраваны як арґанізацыя са штаб-кватэрай у Нью-Ёрку з абсягам дзейнасці на ўсю тэрыторыю ЗША. Мае філіялы ў Нямеччыне (Мюнхен, з 1955 г.), Канадзе (Таронта, з 1967 г.).

Друкаваны орган – навуковы штогоднік “Запісы”. У 1954 – 1963 гг. БІНІМ выдаваў літаратурна-мастацкі часопіс “Конадні”, у 1953 – 1969 гг. – інфармацыйны часопіс “Абежнік”.

Інстытут падтрымлівае сувязі са шматлікімі бібліятэкамі свету, асабліва з Публічнай бібліятэкай у Нью-Ёрку. З канца 1980-х гг. інстытут наладжвае кантакты з арганізацыямі ў Беларусі.

У розныя часы БІНІМ узначальвалі У. Тамашчык, Я. Ліманоўскі, В. Тумаш, А. Адамовіч, з 1982 г. па сённяшні дзень – Вітаўт Кіпель.