456

Найбуйнейшая праваабарончая арганізацыя Amnesty International USA правяла нацыянальную канферэнцыю па правах чалавека, якая праходзіла 10-12 сакавiка ў горадзе Альбукерке, штат Нью-Мексіка. Канферэнцыя была накіравана на вызначэнне стратэгічных планаў развіцця, а таксама аналіз і выпрацоўку канкрэтных механізмаў абароны правоў і свабодаў чалавека.

Мерапрыемства сабрала 400 праваабаронцаў з 40 штатаў ЗША, кіраўнікоў Amnesty International з Германіі, Бразіліі, Францыі, Мексікі, Нідэрландаў і Канады, а таксама прадстаўнікоў Міжнароднай Рады Дырэктараў і Міжнароднага Сакратарыята арганізацыі.

У рамках канферэнцыі беларусы правялі інфармацыйную секцыю па праблеме сістэматычных парушэнняў правоў і свабодаў чалавека ў Беларусі, арганізавалі інфармацыйны стэнд з канкрэтнымі фактамі парушэнняў канстытуцыйных правоў чалавека дзяржаўнымі органамі, а таксама збіралі подпісы пад петыцыямі са зваротамі да вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў краіны.

“Больш за ўсё ў цяперашні час нас турбуе масіраваная эскалацыя падаўлення свабоды слова і мірных сходаў, якую разгарнуў урад Беларусі па ўсёй краіне. Любы чалавек, арыштаваны падчас пратэстаў за мірную крытыку ўрада, павінен быць неадкладна вызвалены”, – заявіў Вячаслаў Бортнік, старшыня каардынацыйнага групы па Еўразіі Міжнароднай Амністыі ЗША.

678

Сяргей Волкаў, старшыня аддзела Беларуска-Амэрыканскага Задзіночання БАЗА ў Паўднёвай Фларыдзе, адзначыў, што для яго арганізацыі “было важна звярнуць увагу праваабаронцаў на тое, што правы і свабоды беларусаў сістэматычна парушаюцца ва ўгоду кіруючаму рэжыму, а таксама ініцыяваць распрацоўку канкрэтных крокаў і механізмаў нагляду за захаваннем правоў чалавека ў краіне”.

Amnesty International з’яўляецца найбуйнейшай праваабарончай арганізацыяй, якая налічвае 66 нацыянальных прадстаўніцтваў і больш за 7 мільёнаў сяброў па ўсім свеце. Арганізацыя прыцягвае ўвагу да парушэнняў правоў чалавека, выступае за захаванне міжнародных стандартаў і нормаў, аб’яўляе вязняў сумлення, а таксама спрыяе іх вызваленню. За сваю шматгадовую дзейнасць Amnesty International была ўдастоеная Нобелеўскай прэміі міру, а таксама прэміі ААН у галіне правоў чалавека.