unnamed2

Гурток Беларуска-Амерыканскага Задзіночання (БАЗА) ў Паўднёвай Фларыдзе правёў палітычныя дэбаты “Статус Беларусі пры новым прэзідэнце ЗША”.

Мадэратарам дэбатаў стаў вядомы і паважаны грамадска-палітычны дзеяч Вячка Станкевіч, старшыня Галоўнай Управы Беларуска-Амерыканскага Задзіночання БАЗА ў 2007-2010 гг., зараз арганізацыйны вонкавы дырэктар БАЗА, старшыня Рады дырэктараў Беларускай фундацыі Крачэўскага i намеснік Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР).

У ролі апанентаў на дэбатах выступалі старшыня гуртка БАЗА ў Паўднёвай Фларыдзе Сяргей Волкаў і актывіст арганізацыі Андрэй Пушкароў, якія адстойвалі кардынальна супрацьлеглыя пазіцыі. Каб абгрунтаваць свой пункт гледжання і мець магчымасць абвергнуць тэзісы апанента сваімі контраргументамі, удзельнікам быў адведзены строга рэгламентаваны час.

unnamed4Пазіцыя Сяргея Волкава грунтавалася на тым, што лаяльнае стаўленне Дональда Трампа да аўтарытарных кіраўнікоў і запэўніванні ў спыненні Амерыкай прапаганды дэмакратыі ў свеце прывядуць да таго, што ўлады Беларусі яшчэ больш узмоцняць аўтарытарны ціск на ліберальныя свабоды і правы. Таксама магчыма, што беларускі рэжым будзе ініцыяваць поўнае зняцце ўсіх санкцый, накладзеных ЗША.

У сваю чаргу, Андрэй Пушкароў адстойваў думку аб тым, што ў беларуска-амерыканскіх адносінах захаваецца статус-кво: Амерыка, як і раней, будзе настойваць на паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, але чакаць якіх-небудзь кардынальных зменаў ва ўзаемадачыненнях дзвюх краін не варта.

unnamed1

Падчас дэбатаў быў абмеркаваны шырокі спектр пытанняў аб ролі Дональда Трампа ў глабальнай палітыцы і ўзаемаадносінах з Расіяй і Еўрапейскім Саюзам, а таксама аб тым, як паўплывае прыход новага прэзідэнта на становішча беларускіх эмігрантаў у Амерыцы.

На мерапрыемстве доктар Паліна Прысмакова, прафесар Florida Atlantic University, прадставіла свой даклад “Матывацыя працы ў Беларусі: вынікі трохгадовага даследавання”, які выклікаў ажыўлёнае абмеркаванне. Удзельнікі падзяліліся сваімі думкамі, чаму яны больш не хочуць працаваць у Беларусі і ў якой галіне яны хацелі б самарэалізавацца ў ЗША.

unnamed3

unnamed

Сяргей Волкаў