shushkevich1

12 лiстапада ў Вашынгтоне адбылася сустрэча беларусаў з першым кiраўнiком новай незалежнай Беларусi Станiславам Шушкевiчам. Сп. Шушкевiч прыбыў у амерыканскую сталiцу са сваёй жонкай для ўдзелу ва ўрачыстасцях, прысвечаных 25-м угодкам падпiсання Белавежскiх пагадненняў. На мерапрыемства таксама былі запрошаныя першы прэзiдэнт Украiны Леанiд Краўчук i першы дзяржсакратар РФ Геннадзь Бурбулiс. Падобныя сустрэчы маюць адбыцца ў дзяржустановах, унiверсiтэтах i фабрыках думкi ў Вашынгтоне i Бостане.

Урачысты прыём адбыўся ў доме Iрыны Красоўскай i Бруса Джэксана. З прывiтальнай прамовай выступiў Вячаслаў Бортнiк, старшыня Вашынгтонскага аддзела Беларуска-Амерыканскага Задзiночання (БАЗА):

“Шаноўны спадар Шушкевiч!

Для беларускай грамады Вашынгтона вялiкi гонар быць сёння разам з Вамi. Мы вельмi ўдзячныя Вам за Вашую нястомную працу па захаванні беларускасцi як у тыя часы, калі Вы з’яўляліся лiдарам новай незалежнай Беларусi, так і цяпер. 25-я ўгодкi Белавежскiх пагадненняў, якiя мы адзначаем сёлета, сталiся найважнейшым крокам да ўмацавання беларускай незалежнасцi, беларускай дзяржаўнасцi. Хацелася б верыць, што прагрэс нельга спынiць цi павярнуць назад. На жаль, пакуль нельга прадказаць як “палiтыка сяброўства” новай амерыканскай адмiнiстрацыi з пуцiнскiм рэжымам адаб’ецца на будучынi роднай Беларусi, Украiны ды iншых краiнаў былога Савецкага Саюза. Таму барацьба за незалежную Беларусь працягваецца. I мы, беларусы Амерыкi, верым, што пакуль у нас ёсць такія лiдары як Вы, то мы здольныя перамагчы. Жадаем Вам плённых сустрэчаў у Злучаных Штатах.

Жыве Беларусь!”

shushkevich2

Фота: Саша Мелянцей.