15965088_1642782532688775_23566160784811069_n

14 студзеня ў карчме Тарас Бульба пры падтрымцы Культурна-адукацыйнай фундацыі Орса-Рамано, адбыўся прыватны кінапаказ дакументальнай стужкі “Песні старой Еўропы – старажытныя беларускія народныя песні”. Фільм, які ўжо атрымаў прызнанне гледачоў і крытыкаў, заваяваў узнагароду на міжнародным кінафестывалі і працягвае турнэ па краінах, нарэшце пабачылі беларусы Нью-Ёрку і яго наваколляў. Прэзентаваць стужку, адказаць на пытанні гледачоў, падыскутаваць пра захаванне спеўнай традыцыі ў гарадскім асяроддзі, распавесці пра крыніцы натхнення для творчасці і нават паспяваць з Сіэтлу прыехала рэжысерка і прадусарка фільма Воля Дземка.

Арыентаваная на англамоўную аўдыторыю, стужка нанова адкрывае фенаменальнасць беларускай этнічнай спадчыны і для саміх беларусаў, ёсць усе падставы лічыць, што менавіта гэты вялікі і багаты пласт нашай культуры ў свой час адыграў значную ролю ў захаванні нацыянальнай ідэнтычнасці.

У фільме гучала шмат музыкі: фрагменты выступаў гуртоў-пераймальнікаў аўтэнтычнай манеры (“Яваровы людзі”, Guda), абрадавыя спевы, запісаныя падчас этнаграфічных экспедыцый на Палессе, спевы Івана Кірчука з “Троіцы” і Алега Хаменкі з “Палаца”, але адчуць сапраўдную моц і ўздзеянне старадаўніх песень удзельнікі імпрэзы здолелі падчас невялікага канцэрту, калі ў выкананні Волі Дземкі (салісткі фольк-гурта Volya) і Алены Рыдзеўскай загучалі віншавальна-велічальныя калядкі і архаічныя шчадроўскія песні. Па словах госці з Сіэтла, “у беларускім традыцыйным грамадстве спявалі ўсе, няздольных не было” і, сапраўды, напрыканцы міні-майстар-класа ў зале загучала супольнае “Ой, у ляску, ляску, на жоўтым пяску, святы вячор…”. Працягнуць sing along і заспяваць усім вядомыя калядкі “Саўка ды Грышка”, “Учора з вячора” і іншыя, натхніла прысутных спеўная група царкоўнага хора сабору св. Кірылы Тураўскага.

Калядны перыяд заўжды чакалі, бо нават на посную Куццю, на стале як шляхціча, так і селяніна было шмат смачных абрадавых страваў. Таму, каб не парушаць старадаўніх традыцый, імпрэза скончылася сяброўскім застоллем.